АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая вырабляе абутак са скуры і інш. матэрыялаў. У прамысл. развітых краінах працэс механізацыі абутковай вытв-сці пачаўся ў 1850-я г. з выкарыстаннем швейных і інш. спец. машын для механізаванага вырабу абутку.

Сусветная вытв-сць скуранога абутку складае 9,7 млрд. пар штогод, з іх 12% (1,05 млрд.) у краінах ЕЭС. Вядучыя фірмы на сусв. рынку: «Кларк» (Вялікабрытанія), «Баця Інтэрнэшанал» (Канада), «Адзідас», «Саламандэр» і «Пума» (Германія). Абутковая прамысловасць Беларусі пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. з дробных шавецкіх майстэрняў. Механічная ф-ка «Арол» у Мінску выпускала 800 пар абутку за суткі (1913), дзейнічалі таксама 2 ф-кі рус.-амер. і рус.-бельг. акц. т-ваў і абутковыя майстэрні ў Віцебску. У 1921 абутковая прамысловасць выпускала каля 14 тыс. пар абутку за год. У 1920—30-я г. пачалі дзейнічаць абутковыя ф-кі «Праца» ў Гомелі, «Прагрэс» у Віцебску, механізаваная ф-ка імя Калініна і ф-ка імя Тэльмана ў Мінску і інш. Да пач. Вял. Айч. вайны дзейнічала 12 высокамеханізаваных фабрык, якія выраблялі 9,8 млн. пар абутку (1940). У Вял. Айч. вайну ўсе прадпрыемствы разбураны. У 1952 абутковая прамысловасць дасягнула даваен. ўзроўню вытв-сці. Макс. вытв-сць скуранога абутку на Беларусі дасягнута ў 1988 (46,9 млн. пар). У 1993 выпуск абутку скараціўся да 13,3 млн. пар. Самыя буйныя прадпрыемствы абутковай прамысловасці ўваходзяць у дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці «Беллегпрам» (Мінскае абутковае адкрытае акц. т-ва «Прамень», акц. т-ва «Гроднаабутак», акц. т-ва Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Лідская абутковая ф-ка, Гомельскае вытв. абутковае аб’яднанне «Праца», Бабруйская абутковая ф-ка, акц. т-ва «Баранавіцкая абутковая ф-ка» і інш.). Створаны сумесныя абутковыя прадпрыемствы з Германіяй: у Віцебску — «Белвест» (1988), у Мінску — «Отыка»(1993).

В.М.Лагвінко.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)